ТЭХА́СКАЯ ВАЙНА́ 1835—36, мексікана-тэхаскі канфлікт,

узброенае паўстанне паўн.-амер. каланістаў Тэхаса супраць мекс. улад. Узнікла з-за пытання аб адм. і дзярж. прыналежнасці гэтай тэр., якое папярэднічала фактычнаму аддзяленню Тэхаса ад Мексікі і наступнаму далучэнню яго да ЗША. Выклікана незадаволенасцю белых перасяленцаў з ЗША, што колькасна пераважалі ў Тэхасе (30 тыс. чал. супраць 3,5 тыс. мексіканцаў, 5 тыс. неграў і 14—20 тыс. індзейцаў), палітыкай мекс. урадаў з 1830 (забарона далейшай міграцыі з ЗША ў памежныя мекс. землі, увядзенне пошлін на імпарт тавараў з ЗША, адмова каланістам утварыць на тэр. Тэхаса асобны штат, скасаванне памяркоўнай федэральнай канстытуцыі Мексікі 1824 і інш.). ЗША фармальна захоўвалі нейтралітэт, але пастаўлялі каланістам грошы, зброю, боепрыпасы, амуніцыю, добраахвотнікаў. У чэрв. 1835 атрад амерыканцаў на чале з У.​Трэйвісам заняў паселішча Анаўак. 2 кастр. паўстанцы спынілі мекс. войскі каля паселішча Гансалес, 9 снеж. пасля аблогі занялі г. Сан-Антоніо. Але 23.2.1836 горад блакіравала 6-тыс. армія пад камандаваннем дыктатара Мексікі А.​Санта-Аны, якая 6 сак. знішчыла тут у місіі Эль-Алама 182 амер. валанцёры. 1 сак. ў г. Вашынгтон-на-Бразас адкрыўся Ген. канвент «прадстаўнікоў народа Тэхаса» (58 дэлегатаў, з іх 3 мексіканцы), які 2 сак. абвясціў аддзяленне ад Мексікі і ўтварэнне незалежнай «Рэспублікі Тэхас» (прэзідэнтам стаў Д.​Г.​Бэрнет). Яе канстытуцыя (прынята 17 сак.) узаконіла рабства і ўвоз неграў-рабоў. 21 крас. 783 паўстанцы на чале са сваім галоўнакаманд. С.​Х’юстанам раптоўна атакавалі і разграмілі 4-тыс. авангард Санта-Аны (трапіў у палон) каля вусця р. Сан-Хасінта (вырашальная бітва). У сак. 1837 незалежнасць Тэхаса афіцыйна прызналі ЗША, а ў 1839—40 таксама Вялікабрытанія, Францыя, Нідэрланды, Бельгія. Т.в. пагоршыла адносіны паміж Мексікай і ЗША. Далейшае абвастрэнне 2-баковых адносін выклікала амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48, у выніку якой ЗША зацвердзілі свой суверэнітэт над Тэхасам.

Літ.:

История США. Т. 1. М., 1983;

Потокова Н.В. Аннексия Техаса Соединенными Штатами Америки, 1821—1845 гг. Ростов н/Д, 1986.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)